"І нараджае ў сэрцы песню Бешанковіцкі светлы край"

  "І нараджае ў сэрцы песню Бешанковіцкі светлы край"
 
(Краязнаўчая вандроўка па старажытных парках Прыдзвіння)
 
 
Вядучы 1:     
Далеч радасцю поўнячы,
Нібы казачны сон,
Добры дзень, Бешанковічы,
Нізкі мой вам паклон.
Вы ўсмешкаю стоенай,
Што любога кране, 
Квасу хлебнага конаўку
Ціха дорыце мне.
Мне і лёгка, і радасна – 
Што яшчэ гаварыць.
У Бешанковічах раніца
На ўсё неба гарыць…
 
(Алесь Бабаед)
 
Вядучы 2:      Добры дзень, шаноўныя сябры! Вы напэўна ведаеце, што 2009 г. – Год роднай зямлі. Сёння мы запрашаем вас у краязнаўчую вандроўку па старажытных парках нашага роднага Прыдзвіння. Мы запрашаем вас прайсціся па алеях, дзе калісьці хадзілі нашы знакамітыя продкі.
 
Вядучы 1:   
 Айчына! На апошнім слове
Я прысягну: навек люблю
Тваі палі, лугі, дубровы, 
Тваю світальную зямлю.
Я сам бялюткай аблачынкай
Хачу праплыці над табой,
Да той самотнай далячыні, 
Дзе стану вечнасцю сівой.
Ідзе мой смутак незваротны
Цераз бары, цераз лясы,
Да зарываў калін журботных 
Да той апошняй паласы
                       (А. Бабаед)
 
Вядучы 3:       (На фоне фотаздымкаў)
На левым беразе Заходняй Дзвіны, у цэнтры гарпасёлка Бешанковічы размешчаны палаца-паркавы ансамбль. Складаецца ён з двух палацаў і парка. Першы двухпавярховы будынак быў пабудаваны ў сярэдзіне XVII стагоддзя. У архітэктурным плане будынак нічым не вызначаецца. А у гістарычным плане ён мае вялікую значнасць. Другі палац быў пабудаваны ў 70- я гады  XVIII стагоддзя ў стылі ранняга класіцызму на ўзор гарадскога асабняка.
       Але ж сёння мы вядзём размову пра паркі… 
 
Вядучы 4:      Парк у Бешанковічах займаў у свой час значную тэрыторыю. Як пісаў прафесар В. Адамаў,  “… парк з сажалкамі разбіты ў стылі англа-французскім і месцамі пакідае моцнае ўраджанне…”
      Ад французскага парка на сённяшні дзень засталіся рэдкія пасадкі дубоў і дзве сажалкі. У парку расце дуб – мясцовы помнік прыроды. Яго узрост – чатыры стагоддзі, таўшчыня ў папярэчніку дасягае двух метраў.
       Па паданню, тут быў разбіты шацёр імператара Францыі Напалеона  Банапарта ў час нашэсця яго войска на Расію і акупацыі нашага раёна
.
Вядучы 3:   Пасля таго, як Бешанковічы перайшлі ва ўласнасць графа І.Л. Храптовіча, быў пасаджаны вялікі сад, разбіты кветнікі, узведзены аранжарэі.
       Перад палацам знаходзілася шырокая плошча, абсаджаная кустамі квітнеючага бэзу. У пітомніку, што быў размешчаны паміж палацамі, раслі экзоты, дэкаратыўныя формы.
       Прыгажосць парка прыцягвала ўвагу экскурсантаў, вучоных, даследчыкаў, мастакоў. У 1876 годзе сюды наведаўся Напалеон Орда – знакаміты мастак, дырыжор і кампазітар. Мясцовая прыгажосць так яго ўразіла, што ён пакінуў цудоўны малюнак палаца Храптовіча (фота).
 
Вядучы 4: У гады Вялікай Айчыннай вайны прыгажун-парк з яго векавымі дубамі, ліпамі, клёнамі, ясенямі, а таксама шматлікія экзоты былі значна пашкоджаны. Дасталося яму у пасляваенны час. На месцы магутных дубоў з’явіліся будынкі школ, Курган славы, памяшканні фабрыкі мастацкіх вырабаў, інтэрната, стадыён і іншыя пабудовы.
 
Вядучы 1:     (фота)
                       Ападае лістота
У старым  Бешанковіцкім парку.
Па таямных сцяжынах яго
Ходзяць думкі мая.
Дзень паволі плыве
У фарбах восені яркіх.
Вецер велічны мне свае песні пяе 
                           (Г.Станкевіч)
Вядучы 3:     Бачэйкаўскі парк размяшчаўся ў 500 метрах на паўднёвы ўсход ад вёскі Бачэйкава, на беразе ракі Ула. Закладзены парк пасля 1769 году.
       Парк рэгулярнага тыпу размешчаны на пойменным і пакатым схіле, апрацаваны трыма тэрасамі, якія спускаліся да ракі (фота). 
       Цэнтрам сіметрычна-восевай кампазіцыі парку быў мураваны адна і двух павярховы палац. Перад палацам – масіў ліп і тапалёў, пасаджаных па рамбічнай планіровачнай сетцы. Частка парку за палацам аформлена газонамі, шпалерамі, баскетамі, фантанам, лабірынтам.
 
Вядучы 2: (фота)  Дэкаратыўна аформленыя пасадкі пераходзілі ў вялікую паляну, абмежаваную ракой і каналам, злучаным з ракой. На процілеглым берагавым схіле раслі  ліпы, бэз персідскі, гартэнзія мяцёлчатая, кедры, паўночнаамераканскія елкі. Некалькі штучных сажалак (9), размешчаных у вуглавых частках парку, мелі форму квадрата, прамавугольніка, авалу. З заходняга боку да парку прымыкаў пладовы сад з алеямі па перыметры.
 
Вядучы 1: 
  Замерзлі вены дрэў з імклівым сокам,
Ды  ўсё ж жыццё мацней за халады.
Нязломнай верай у вясну і сонца
Душу трывожаць белыя сады.
Калі завея дрэвы ахінае
Заледзенелым сіверным крылом,
Я чую іх гаючае цяпло …
Люблю сады не толькі ў светлым маі.
                                   (С. Законнікаў)
 
Вядучы 4: Бачэйкаўскі палаца-паркавы ансамбль шмат пацярпеў у гады грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў. У 1953 годзе палац быў разбураны на цэглу. У парку зберагліся старыя пабудовы, сярод іх аранжарэя 1641 года. Захаваліся адметнасці кампазіцыйнай планіроўкі, гаспадарчы шлях, парадны двор, тэрасы, газоны, алеі. Зялёныя тунелі, створаныя навіслымі над алеямі дрэвамі. Засталося некалькі старых дрэў ад сада: 150 – гадовая груша, 200-гадовыя дубы, таполі рэдкага тыпу, якія не даюць пуху. Зараслі цінай, але ўсё яшчэ жывыя 9 старажытных сажалак. Цэлы таксама і дрэнаж, дзякуючы якому ў парку ніколі не бывае бруду. 
 
Вядучы 1: 
 Ціха смутак асенняга гаю
Напаткае цябе неўспадзеў
Задуменна-самотна блукаем
І шукаем спагады ў дрэў.
А яны, пэўна, самі адвеку
Аб сваім, набалелым, крычаць…
Лёсы дрэваў і лёс чалавека,
Вам адзін аднаго спасцігаць.
                                 (А. Бабаед)
 
Вядучы 3:      (фота)
А зараз мы перанясёмся у вёску з крыху нязвыклай сёння назвай – Двор Нізгалава. Менавіта ў ёй была размешчана сядзіба “Нізгалава”, тут жа быў і незвычайны парк. Ад сядзібнага дома да поймы ракі спускаюцца 4 тэрасы, абсаджаныя шпалерамі з елкі звычайнай.
     Кампазіцыя парку – прыклад перабудовы рэгулярнага парку (элементы якога зберагліся) у пейзажны.
Вядучы 2:       Рэгулярны парк складаўся з 9 аднолькавых баскетаў, падзеленых 4 падоўжанымі і 4 папярочнымі ліпавымі алеямі, з круглымі пляцоўкамі на перакрыжаваннях. Пры перабудове парку ў пейзажны высаджаны экзоты і дэкаратыўныя кусты, на месцы падоўжаных алей зроблены маляўнічыя палянкі.  У дэндраскладзе піхта бальзамічная, лістоўнік еўрапейскі, ліпа буйналістая, бяроза далекарлійская (лепшы ў рэспубліцы экзэмпляр, вышыня 17 м, дыяметр ствала 63 сантыметра), клён серабрысты Віера, вольха шэрая рассечаналістая, аксаміт амурскі. У цэнтры паляны высаджаны рэдкі ў рэспубліцы кедр еўрапейскі калонападобны (вышыня 13 метраў, дыяметр ствала 51 сантыметр). 
    Масівы дэкаратыўнага хмызняку (цярноўнік, язмін, бэз)служаць фонам для бяроз і елак, якія ўзвышаюцца пад імі. Пры ўездзе ў парк 3 хвоі веймутавы, кедры еўрапейскія.   
 
Вядучы 4:     Сапраўды – парк цудоўны. Чалавек, які адрадзіў яго сваімі рукамі заслугоўвае самай шчырай павагі. Некалькі слоў аб ім. Карп Васільевіч Насыр нарадзіўся на пачатку 60-х гадоў XIX стагоддзя. Памешчык К. І. Мядзвецкі, у якога ён служыў падараваў Карпу Васільевічу некалькі гектараў зямлі, пазнаёміў з хімічнымі ўгнаеннямі. За сваё жыццё Насыр пабудаваў тры сядзібы. Яго гаспадарка была пастаяннай удзельніцай сельскагаспадарчых выстаў. 
 
Вядучы 3:    (фота)
Зараз вашай увазе парк  “Саломінка”. Размешчаны ён на правым беразе ракі Крывінка у вёсцы Дабрыгоры. Парк – помнік садова-паркавага мастацтва.
 
Вядучы 1:     
Вось азбука спакою, чысціні ¬¬– 
Разважлівыя сосны і яліны.
Не, недарэмна сонца з вышыні
Святло праменіць ім на вершаліны.
Прасмоленыя промнямі наскрозь, 
Яны як сувязь між зямлёй і небам.
І паміж мной і імі сувязь ёсць, 
Якую шчэ не ацаніў, як трэба…
                                    (Б. Беліжэнка)   
Вядучы 3:    Закладзены парк у пачатку 20 стагоддзя.  Ідэя яго стварэння належыць  беларускаму краязнаўцу Пятру Мацвеевічу Красавіцкаму. (Дарэчы мясцовыя жыхары называюць парк Красавіцкім). 
         У 1906 годзе ён купіў невялікі кавалак зямлі каля хутара Саломінка і пачаў ажыццяўляць на ім свае мастацкія і гаспадарчыя планы. За дапамогай звярнуўся да лепшага ў акрузе садавода-аматара з Бачэйкава Язэпа Кандратавіча Мароза.
 
Вядучы 2:     (фота)
Па кампазіцыі – гэта пладовы сад. Па перыметры абсаджаны рознымі экзотамі, якія ўтвараюць ахоўныя пасадкі і невялікія паркавыя курціны . Сярод пасадак праходзіла прагулачная дарожка, уздоўж якой былі высаджаны бук лясны, таполя Пятроўскага, ліпа буйналістая і інш. Ад параднай часткі адыходзілі тры алеі. Алея, што знаходзілася ў заходняй частцы парку, стварала пейзажны дрэвавы масіў з экзотаў – піхты сібірскай, субальпійскай, белай і бальзамічнай, хвоі горнай, жорсткай, арэху шэрага, лістоўніцы японскай і еўрапейскай. Адну з алей фарміравала паласа рэдка пасаджаных бяроз, акацыі, другую – хвоі кедравыя сібірскія, завезеныя сюды ў 1907-1909 гадах з польскіх гадавальнікаў. У дэндраскладзе было больш 30 відаў і форм дэкаратыўных дрэў. 
 
Вядучы 4:   На жаль, даводзіцца канстатаваць: цяпер мала што напамінае пра колішнюю веліч і хараство фруктовага саду, парку. Нешта знішчана, а тое што засталося зарасло. Спадзяёмся, што некалі дойдуць да паркаў рукі чалавека, каб узнавіць і зрабіць паркі сапраўды прыгожымі і утульнымі. Каб захацелася прыйсці сюды адпачыць, памарыць, паразважаць аб жыцці, аб прыгажосці роднай зямлі.
 
Вядучы 1:   
Зорная, крынічная, лясная…
Я цябе не выдумаў такой,
Я цябе такую спасцігаю
І люблю сыноўняю душой.
Спеўная, былінная, спрадвеку
На крутых настоена вятрах.
Ты была ў вяках не проста сведкай,
Твой ад туль праменіць доўгі шлях. 
Сціплая, гасцінная… Я знаю,
Помню і люблю цябе такой.
Будзь маімі песнямі і снамі,
Ды не стань пакутнаю зямлёй.
                         (А. Бабаед)
 
Вядучы 3: На гэтым наша падарожжа скончылася. Дзякуй за ўвагу. Да пабачэння.
  
 
                                          Спіс літаратуры:
 
1. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць/ АН БССР, ін-т мастацтвазнаўства,этнаграфіі і фальклору; Рэд.кал.: С.В. Марцэляў (гал.рэд) 
і інш.- Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1985.- 496 с. 
 
2. Крачкоўскі А.В. Светлы Бешанковіцкі куток.- Віцебск:УПП “Віцебская абласная друкарня”, 2001.- 152с.
 
3. Бешанковіцкі прычал. Творы бешанковіцкіх аўтараў.- Віцебск:УПП “Віцебская абласная друкарня”, 2001.- 112 с.
 
4. Бабаед А.М. Ля вогнішча: вершы, балады/Уклад. Б.П. Беляжэнка; Уступ. арт. 
Б.П. Беляжэнка.- Віцебск.:  УПП “Віцебская абласная друкарня”, 1999.- 96 с.
 
5. Беляжэнка Б. Крыгалом: вершы.- Мн.: Мастацкая літаратура, 1973.- 56 с.
 
6. Законнікаў С. Бяседа: вершы.- Мн.:Мастацкая літаратура, 1973.- 80 с.
 
7. Гістарычны скарб зямлі Бешанковіцкай: (тэматычная папка).