30 мая ў Бачэйкаўскай сельскай бібліятэцы адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэата абласных літаратурных конкурсаў імя Уладзіміра Караткевіча і Петруся Броўкі, дыпламанта рэспубліканскіх літаратурных конкурсаў "Лепшая кніга года" – 2009 і 2010 гадоў - Беляжэнка Барыса Паўлавіча.
Барыс Паўлавіч Беляжэнка нарадзіўся 5 чэрвеня 1937 года на Бачэйкаўскай зямлі. Дзяцінства нашага земляка было цяжкім, падчас Вялікай Айчыннай вайны бацька пайшоў на фронт, а маці зведала ўсе цяжкасці і выпрабаванні фашысцкіх канцлагераў.
Пасля вайны хлопчык пайшоў у школу, якая размяшчалася ў панскім Палацы, ў вёсцы Бачэйкава, а скончыў школу ўжо ў Бешанковічах.
Затым Барыс Беляжэнка паступіў на завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта, які паспяхова скончыў у 1965 годзе.
Працоўны шлях пісьменніка быў вельмі насычаны: ад простага настаўніка да загадчыка сектара друку, тэлебачання і радыё ў Віцебску.
Першыя яго публікацыі з’явіліся ў газетах “Зара”, “Віцебскі рабочы”, “Зорка” у 1958-59 гадах. Барыс Паўлавіч пісаў у розных жанрах і на самыя разнастайныя тэмы: лірычная і грамадзянская паэзія, казкі, гумар, дэтэктывы, творы мастацка-гістарычнай накіраванасці.
У 1975 годзе Барыс Паўлавіч прыняты ў Саюз журналістаў Беларусі, а ў 1979 годзе – ў Саюз пісьменнікаў СССР, а з 2005 – член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Пісьменнік правёў шмат сустрэч з чытачамі. Неаднаразова прыязжаў у родны Бешанковіцкі раён.
Мяне сюды
Сцяжынка прывяла,
Прыспешвала,
Раскручвалася стужкай.
І легка мне –
Лячу над светам птушкай
Да ціхага,
Далекага сяла.
Дык вось яна –
Глухая ціш сама!
Свет без яе
Мільен гадоў пражыў бы.
А для мяне
Радней мясцін няма,
Нідзе святлей мне
Не свяцілі шыбы.
Б. Беляжэнка
На вялікі жаль, Барыс Паўлавіч пакінуў нас 12 ліпеня 2016 года. Аднак нам засталася яго літаратурная спадчына.
Не патухне агонь клапатлівага сэрца,
Будзе ярка і моцна гарэць ён заўсёды!
І цяплом яго многія змогуць сагрэцца.
Слава яркаму сэрцу, ад нас на стагоддзі!
На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі ўлады, калегі, сябры і землякі, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, члены ветэранскага клуба “Сяброўства”.
Добрыя словы ў адрас Барыса Паўлавіча сказалі : галоўны спецыяліст ўпраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Дзяніс Валер’евіч Юрчак, старшыня Бешанковіцкага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Анатольевіч Булаўкін, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бешанковіцкага раённага выканаўчага камітэта Наталля Мікалаеўна Апанасенак, старшыня Бачэйкаўскага сельскага выканаўчага камітэта Галіна Віктараўна Шчука, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Іванаўна Краснова-Гусачэнка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Уладзіміравіч Намеснікаў, сябр, паплечнік, член Саюза мастакоў Беларусі Юрый Панцелеймонавіч Зуеў, член Саюза мастакоў Беларусі, Аляксандр Мікалаевіч Гвоздзікаў аўтар мемарыяльнай дошкі Б.П. Беляжэнку, член ветэранскага клуба “Сяброўства” Віктар Генадзьевіч Літвінаў, мастак, які лічыць Барыса Паўлавіча сваім настаўнікам, Алег Уладзіміравіч Кірушкін, зямлячка Барыса Паўлавіча Ала Генадзьеўна Арлова.
Пасля урачыстай часткі мерапрыемства ўсім прысутным прапанавалі наведаць музейны пакой, прысвечаны Барысу Паўлавічу, які знаходзіцца ў памяшканні бібліятэкі.