У Год міру і стварэння нашы бібліятэкі ладзяць шмат цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў. Так, 18 мая у чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі адбыўся літаратурны вечар–аўтограф «Паэтычная скарбонка». На сустрэчу з паэтам Уладзімірам Асокіным былі запрошаны вучні ДУА «Сярэдняя школа №1 ім. І.І.Строчкі».
Увазе прысутных быў прадстаўлены відыяфільм пра жыццё і творчасць У. Асокіна. Аўтар чытаў свае вершы.
У сваіх вершах Уладзімір Мікалаевіч закранае розныя тэмы, але галоўнай сярод іх з’яўляецца любоў да сваёй Радзімы. Гэтым пачуццём прасякнуты кожны радок. Вершы, прысвечаныя роднай старонцы, напоўнены бясконцым гонарам і павагай…
Бешанковіцкі край дарагі,
Тут дзяцінства майго берагі,
Вербы ніцыя дружна шумяць
І званы над Дзвіною звіняць.
І крынічка бяжыць напрасткі,
І вядуць усе дарогі–шляхі
Да цябе, мой гасцінны куток.
На прасторах жыцця – васілёк.
Сімвал краю прыдзвінскіх палёў.
Пад чаруючы клёкат буслоў
Зноў прыходзіць вясновы настрой,
Толькі дома – святло і спакой.
Глыбокай любоўю, а разам з тым самотай напоўнены радкі, прысвечаныя маці і бацьку…
Цяпло матуліных далоняў
Мяне заўсёды сагравала
У пасівелых яе скронях
Зіма бясконцая блукала…
Наш зямляк – рамантык, бо ў яго шмат лірычных вершаў. Менавіта яны выклікалі найбольшую зацікаўленнасць удзельнікаў сустрэчы.
Падчас мерапрыемства адбылася прэзентацыя зборніка вершаў У. Асокіна «Пах лясной ажыны», падрыхтаванага аддзелам абслугоўвання і інфармацый Бешанковіцкай ЦРБ.
Вучні задавалі пытанні і атрымоўвалі цікавыя адказы, а напрыканцы выказалі словы падзякі Уладзіміру Мікалаевічу і пажадалі творчых поспехаў і натхнення.