Ёсць людскія лёсы, што прамільгнуць на жыццёвым небасхіле вокамгненнай знічкай і знікнуць назаўсёды. А ёсць імёны, што гараць стагоддзі яснай зоркай у сусвеце жыцця, прымушаюць нас углядацца ў высокую далячынь.
Еўфрасіння Полацкая… Без гэтага імя немагчыма ўявіць не толькі духоўнае жыццё на ўсходнеславянскіх землях у XIIст., але і ўсю шматвяковую гісторыю Беларусі. Князёўна, ігумення, настаўніца, выдатная асветніца святая Еўфрасіння пакінула па сабе вечную памяць у душы народа. Ёй прысвечана літаратурна – музычная вечарына “Спеў аб Еўфрасінні”, якая прайшла ў Вярхоўскай сельскай бібліятэцы 5 чэрвеня.
Бібліятэкар распавядала прысутным пра жыццёвы шлях князёўны, пра тое, як старалася яна , каб яе храм і манастыры вабілі да сябе, каб сэрцы людскія знаходзілі ў іх спакой і ачышчэнне ад зямных клопатаў.
Да мерапрыемства была падрыхтавана кніжная выстава “Духоўны подзвіг полацкай князёўны”.