"Дакрануцца да святыні"

06.06.2022

 5 чэрвеня на Полацкай зямлі адбылося ўрачыстае светкаванне 1030-годдзя Праваслаўя і ўшанаванне памяці Еўфрасінні Полацкай, якая ўсё сваё жыццё прысвяціла стаўленню хрысціянства на нашай зямлі. Да гэтай знамянальнай даты ў Бешанковіцкай гарпасялковай бібліятэцы была арганізавана кніжная выстава–інсталяцыя. На выставе былі прадстаўлены кнігі, прысвечаныя жыццю Еўфрасінні Полацкай, знакамітаму крыжу, старажытнаму Полацку і Спаса-Еўфрасіннеўскаму манастыру, заснаванаму ў 12 стагоддзі самой Еўфрасінняй Полацкай.

 Таксама была зроблена інсталяцыя з кнігай “Чэцці Мінеі” 1895 года выдання з прыватнай бібліятэкі Казак С.А. Звесткі пра Еўфрасінню Полацкую ўпершыню з’явіліся ў “Чэцці Мінеі або жыціе святых” укладзеныя метрапалітам Макарыем ў 1530-1540 гадах. 
 Для наведвальнікаў  бібліятэкі бібліятэкар Казак С.А. падрыхтавала кароткі агляд літаратуры пра Еўфрасінню Полацкую. Наведвальнікі маглі патрымаць у руках старажытную кнігу. Казак С.А. чытала прысутным урыўкі з кнігі, якая напісана на стараславянскай мове. Такім чынам звычайная выстава ператварылася ў цікавы дыялог бібліятэкара і чытача.