Кожны год 15 верасня ў нашай краіне адзначаецца Дзень бібліятэк. Гэта прафесійнае свята супрацоўнікаў бібліятэчнай справы, якое яны спраўляюць разам з чытачамі.
У рамках мерапрыемства ў цэнтральнай раённай бібліятэцы быў праведзены Дзень адчыненых дзвярэй «Для Вас адчынены – нашы дзверы, душы, кнігі!».
У гэты дзень у падарожжа па абанеменце бібліятэкі былі запрошаны навучэнцы 9 «Б» класа ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. п. Бешанковічы». Для іх быў адкрыты доступ у фонд бібліятэкі. Асаблівую цікавасць наведвальнікі праявілі да кніжнай выставы твораў-юбіляраў «Юбилейное ожерелье», на якой былі прадстаўлены кнігі беларускіх, рускіх і замежных пісьменнікаў: ад класікаў да сучаснікаў.
Супрацоўнікі чытальнай залы правялі для наведвальнікаў агляд наладжаных кніжных выстаў «Беларусь мая, ясная зорка», «Зямля бацькоў – жыцця крыніца», якая прысвечана 575-годдзю Бешанковіч, агляд фота-выставы «Бешанковічы – аповесць часоў» пра гісторыю нашага ціхага і ўтульнага гарадка.
Госці даведаліся пра краязнаўчую работу цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Цікавасць у наведвальнікаў выклікала інсталяцыя на дзвярах пад назвай «Галасы продкаў».