Галоўны дзень памінання продкаў

02.11.2026

 1 лістапада бібліятэкар Вярхоўскай сельскай бібліятэкі запрасіла ўсіх жадаючых у ”Беларускую хатку“ на пазнавальную гутарку ”Галоўны дзень памінання продкаў“, прысвечаную Дню памяці (Восеньскія Дзяды).
 У беларусаў Восеньскія Дзяды — свята сямейнае, хатняе. Толькі ў некаторых заходніх раёнах Беларусі вядомы выпадкі, калі людзі хадзілі наведваць продкаў на могілках. Гэта вясной, на Радаўніцу, прынята ісці да памерлых, а восенню запрашаюць продкаў да сябе дадому, каб пачаставаць і аддзячыць за дапамогу і заступніцтва.
 Вядучыя пазнаёмілі прысутных з гісторыяй узнікнення свята ”Дзяды“, яго сакральным сэнсам для беларусаў і правіламі падрыхтоўкі да памінальнай вячэры. Вучні старэйшых класаў прадэманстравалі тэатралізаваную пастаноўку ”Запрашэнне Дзядоў на вячэру“, паказаўшы традыцыйныя рытуалы: запальванне свечкі, адліванне першай лыжкі стравы для душ продкаў, захаванне цішыні.
 Падчас мерапрыемства гучалі вершы беларускіх паэтаў (Янкі Купалы, Якуба Коласа), прысвечаныя памяці продкаў і роднай зямлі.
 Напрыканцы сустрэчы прысутныя зрабілі выснову, што памяць аб каранях — гэта тое, што робіць народ моцным і адзіным. Школьнікі праявілі шчырую цікавасць да традыцый свайго народа. Мерапрыемства паспрыяла ўмацаванню сувязі пакаленняў і пашырэнню ведаў аб беларускім фальклоры.
 Таксама госці бібліятэкі змаглі азнаёміцца з тэматычнай кніжнай выставай ”Повязь, якую не парваць“.