Гуканне вясны

24.03.2025

 “Гуканне вясны” – адно з самых лірычных, прыгожых, магічных і старадаўніх святаў беларусаў, свята развітання з зімой і сустрэчы вясны. Яно традыцыйна суправаджаецца абрадавымі вясновымі песнямі, карагодамі.
 У рамках краязнаўчага этнакультурнага праекта "Інтэрактыўны музей у бібліятэцы" 23 сакавіка бібліятэкар філіяла ”Вярхоўская сельская бібліятэка“ і працаўнікі сельскага дома культуры запрасілі  дзяцей на тэатралізаваную гульнявую праграму з выкарыстаннем элементаў абрада ”Гуканне вясны”.
 Гаспадынькі распавядалі прысутным пра ўсе таямніцы свята і запрасілі паўдзельнічаць у веснавых абрадах і гульнях, нарэшце – самім пагукаць вясну.
 Незабыўнымі застануцца ваджэнне карагодаў “Жавароначкі, прыляціце”, “Гуканне вясны”, конкурсы “Гнёзды”, “Упрыгож галінку лісцейкам“, закліканне “Жаўрука”. А калі “жаўрук“ не прыляцеў узялі птушак, якіх зрабілі дома, і выйшлі на вуліцу, каб упрыгожыць дрэвы. Птушкі ўбачаць гэту прыгажосць, прыляцяць да нас і прынясуць доўгае цяпло на крылах.
 Усе прысутныя адчулі цеплыню і гасціннасць, якія панавалі падчас правядзення мерапрыемства. Напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікі народнага клуба “Бараболя“ запрасілі ўсіх пачаставацца прысмакамі.