«Каляда, калядачка – блінок ды аладачка!»

13.01.2022

  Каляды — народнае зімовае свята. Працягваюцца дванаццаць дзён з 6 студзеня па 19 студзеня — з Каляды да Вадохрышча.
 У гадавым коле народных земляробчых абрадаў і свят займае 1-е месца. З усталяваннем хрысціянства прымеркавана да рэлігійных свят Нараджэнне Хрыстова і Хрышчэнне Гасподня. На Беларусі хрысціянская абраднасць святкавання Каляд шчыльна пераплецена з народнымі святочнымі звычаямі.

 Калядоўшчыкі (бібліятэкар філіяла “Драздоўская сельская бібліятэка” разам з супрацоўнікамі сельскага клуба) сабраліся  з надыходам цемры і з песнямі абыходзілі па чарзе ўсе хаты. 
 Яны заходзілі ў кожны двор і паказвалі цэлае прадстаўленне, спявалі калядкі, прыказкамі і прымаўкамі віншавалі гаспадароў, жадалі шчаслівага, удалага, багатага новага года.

 А Козачка (гераіня абраду), наскакаўшыся, падала, як нежывая. І тады пачыналі песню: "Ой, пан ідзе, Каляду нясе, тры кускі сала, каб каза ўстала". Пачуўшы гэта, гаспадары выносілі калядоўшчыкам пачастункі. Убачыўшы іх, каза "ажывала". Госці з развітальнай песняй пакідалі двор.