Каляды – адно з самых містычных святаў у старажытных славян.
Да каляд абавязкова адказна рыхтаваліся. Прыбіралі хату, убіралі яе самаробнымі ўпрыгожваннямі, рабілі, калі быў патрэбны, рамонт усіх гаспадарчых будынкаў на падвор’і.
Асаблівае месца ў святкаванні Каляд адводзілася абрадаваму сталу і святочным стравам. Стол, вядома, павінен быць багатым, каб наступным годам мець добры ўраджай і здароўе дзеля людзей і жывёл.
5 студзеня ў філіяле ”Вярхоўская сельская бібліятэка“ адбылося фальклорнае свята ”Ай, Калядачкі, бліны – ладачкі“.
Вядучыя Цярэшка і Шчодры пазнаёмілі гледачоў са структурай калядна-навагодняй абраднасці, прывялі цікавыя прыклады пра святкаванне Каляд у некаторых раёнах Беларусі, паведамілі цікавыя звесткі пра тое, як спраўляліся тры куцці, і якія ў народзе прыкметы і павер’і былі звязаны з Першай, Другой і Трэцяй куццёй.
Развесялілі гледачоў і непаўторныя вобразы пераапранутых калядоўшчыкаў – Цыганкі, Казы, Мядзведзя, Павадыра . Калядоўнікі спявалі, танцавалі, варажылі, ладзілі імправізаваныя сцэны. Пад канец выступлення яны ў форме песні ці вершаванага звароту жадалі гаспадарам багацця, здароўя, сямейнага ладу.
У народзе казалі: ”Каляда прыйдзе – добры год будзе“, ”Калядоўшчыкі ў хату шчасце нясуць“, ”Чыю хату каза міне, там цэлы год нялюдскае жыццё будзе“.
Гледачы былі ўзрушаны шчырасцю, душэўным цяплом пераапранутых калядоўшчыкаў, якія так натхнёна імкнуліся данесці да прысутных подых мінулага продкаў, абудзіць цікавасць да векавых традыцый.