Дзень чыстага святла

08.11.2023

 Наша спрадвечнае свята,
Сумнае свята – Дзяды.
Чыста прыбраная хата,
Ціха глядзяць абразы.
Белы абрус вышываны,
Свечка гарыць на стале,
Стравы як след згатаваны,
Ды на вячэры не ўсе.
Дзе вы, любімыя душы?
Молімся ціха за вас,
Вас супакой не парушым ,
Вы завітайце да нас!

                                             Уладзімір Мірончык.

 4 лістапада бібліятэкар філіяла “Вярхоўская сельская бібліятэка“ запрасіла сваіх дарослых чытачоў у “Беларускую хатку” на абрадавае свята “Дзень чыстага святла”.
 Бібліятэкар распавядала прысутным, што Дзяды – свята беларускага народнага календара, звязанае з памінаннем продкаў («дзядоў»).

 Слова "дзяды" мае некалькі сэнсаў: душы памерлых продкаў; святочныя дні памінання памерлых; рытуальная ежа, падрыхтаваная да гэтых свят.
 У Беларусі Дзяды адзначаюцца некалькі разоў на год: Масленічныя, Радаўніцкія, Траецкія (Духаўскія), Пятроўскія, Дзмітраўскія. Галоўныя – Восеньскія Дзяды (Дзмітраўскія, Вялікія, Асеніны, Тоўстая вячэра, “Хаўтуры”), яны адзначаюцца ў лістападзе. Афіцыйная дата ў дзяржаўным календары Беларусі - 2 лістапада. У цэнтры абраду – вячэра ў памяць памерлых сваякоў (калі ў Радаўніцу мы хадзілі “ў госці да сваіх продкаў”, то на Восеньскія Дзяды мы запрашаем іх за свой стол).

  Вакол святочнага стала, які быў падрыхтаваны удзельніцамі клуба “Затейницы” сабраліся усе, хто паважае і прытрымліваецца нацыянальных традыцый сваіх продкаў. Вечар быў напоўнены адпаведным настроем і таямніцай.