Для кожнага жыхара нашай краіны першая нядзеля верасня - асаблівая, святочная. У шумлівыя спантанныя размовы уключаецца важкае, выверанае стагоддзямі, поўнае мудрасці і стваральнай энергіі Роднае слова. Менавіта ў першыя восеньскія дні у нашай рэспубліцы, пачынаючы з 1994 года, праводзяцца Тыдні беларускага пісьменства.
Гісторыя свята пісьменства мае добрую традыцыю - праводзіцца ў розных гарадах і вёсках Беларусі, звязаных з асветай і адраджэннем пісьменства. Нагадаем, што свята адзначаецца у нашай краіне ў 27 раз. Упершыню яго святкаванне адбылося у старажытным Полацку.
У рамках святкавання Года роднай зямлі і Дня беласкага пісьменства 3 верасня у чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі адбылася літаратурная сустрэча “Тут край мой, выток мой, дарога мая”.
Чалавек і час. Імгненне і бясконцасць. Сучаснасць і гісторыя. Мы ганарымся слаўнай гісторыяй нашага пісьменства, бо кожны куточак Беларусі звязаны з высокай духоўнасцю чалавека, з кнігаю, са Словам. І як тут не ўспомніць крылатае выказванне з Бібліі – Кнігі ўсіх кніг – “Спачатку было слова...”.
Слова – радасць, слова – чары,
Вобраз вечна юных вёсен,
Ёсць ты ўсюды: ў сонцы, ў хмары,
Ты глядзіш праз неба просінь.
Лашчыш слух мой, слова-ззянне,
Атуляеш сэрца ласкай,
Ноч і вечар, дзень, світанне
Абняло ты, слова-краска.
Я. Колас
Сапраўды, хто мы без песні, без казкі, што мама распавядае зімовымі ці летнімі вечарамі, без роднага слова? І гэтае Слова неслі ў народ сусветна вядомыя імёны, якія сёння мы вымаўляем з вялікім гонарам: Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі, Сымон Будны….
Прыемна, што праз стагоддзі пра родную культуру і пісьменства прымушае нас задумацца вялікі шэраг сапраўдных патрыётаў Бацькаўшчыны: Францішак Багушэвіч, Цётка, Максім Багдановіч, Пімен Панчанка, Ніл Гілевіч, Максім Танк, Уладзімір Дубоўка, Пятрусь Броўка, Кузьма Чорны, Іван Мележ, Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў – дзесяткі і дзесяткі знакамітых зорак нашай літаратуры.
Бешанковіцкая зямля - як разгорнутая кніга. У яе палёў- лясоў пазычылі сілы творчыя, таленавітыя людзі. Яны пішуць кнігу нашай роднай зямлі, кожная старонка якой для нас - адкрыццё і ўрок сумленнага служэння слову, адукацыі, нацыянальнай культуры. Праз усё сённяшняе шматгалоссе новых паэтычных рытмаў, сугучных новаму часу і новым падзеям, як крыштальны звон, прабіваецца строгая музыка вершаў нашых паэтаў - землякоў.
На мерапрыемства запрошаны член Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Бабаед і Уладзімір Асокін.
Словамі павагі успомнілі вядомага земляка Б.П.Беляжэнка, уражэнца Бачэйкаўскай зямлі. На жаль яго няма з намі, але літаратурная спадчына пісьменніка застанецца назаўсёды .
Сустрэча атрымалася цёплай, лірычнай. Гучалі добрыя вершы, прысвечаныя роднай зямлі, роднай мове, бацькам.